ГДА́НЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА
(Województwo Gdańskie),
у паўночнай частцы Польшчы. Пл. 7394 км², нас. 1438,9 тыс. чал. (1992). У гарадах 70% насельніцтва. Адм. ц. — г. Гданьск. Ваяводства размешчана на беразе Гданьскага зал. Балтыйскага мора. Рэльеф пераважна нізінны ў межах Жулаваў Вісляных (левабярэжная дэльта Віслы, частка якой ніжэй за ўзровень мора) і Кашубскага ўзбярэжжа. На раўнінах Кашубскага і Старогардскага паазер’яў трапляецца канцовамарэнны рэльеф (найвышэйшы пункт 329 м, г. Вяжыца). Клімат умераны, пераходны да марскога. Сярэдняя т-ра студз. ад -1 °C на ўзбярэжжы да -3 °C на ўзвышшы, ліп. 16—17,5 °C, ападкаў ад 500 да 700 мм за год. Гал. рака — Вісла з левымі прытокамі Вда і Вяжыца, найб. азёры Вдзыдзе і Радуньскае. Гаспадарка прамысл.-агр., у т. л. значная марская (парты Гданьск і Гдыня). Прам-сць: маш.-буд. (гал. чынам суднабудаванне), электронная, харч., фармацэўтычная, хімічная. Прамысл. цэнтры: Гданьск, Гдыня, Сопат, Тчэў, Старогард-Гданьскі, Вейгерова, Румя і Касьцяжына. Вырошчваюць жыта, кармавыя травы, бульбу, пшаніцу і цукр. буракі. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Важны раён турызму і адпачынку (Сопат, Ястшэмбе-Гура, Уладыславова, Ястарня, Гэль).
т. 5, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)